Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі партыі БХД
Нібыта, у пададзеных дакументах быў шэраг неадпаведнасцяў і супярэчнасцяў.
Пра гэта паведаміла БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Мінюсту. Па словах чыноўнікаў, падчас стварэння БХД быў парушаны належны парадак яе стварэння, у Мінюст нібыта падалі падробленыя і несапраўдныя дакументы.
Нагадаем, што прыкладна месяц таму БЕЛТА паспешліва паведамляла ўжо, што Мінюст адмовіў БХД у рэгістрацыі. У каментары Еўрарадыё адзін з кіраўнікоў БХД Георгій Дзмітрук казаў, што такое рашэнне не з'яўляецца нечаканым для партыйцаў.
Дзмітрук: "Мы спадзяваліся, што нейкія акалічнасці спрацуюць. Але атрымалася тое, чаго мы, у прынцыпе, чакалі. Хаця будзем чакаць афіцыйнага ліста, будзем глядзець на тое, што афіцыйна адкажа Мінюст. І пасля гэтага будзем вырашаць, ці будзем падаваць у Вярхоўны суд, ці будзем абскарджваць. Але я мяркую, што гэта чарговае беззаконне, якое апошнім часам творыцца ў дачыненні да БХД".
Па словах Дзмітрука, БХД хоча перайсці ў легальнае поле дзейнасці. Менавіта дзеля гэтага партыя гатовая ладзіць устаноўчыя з'езды кожны год.