Мітрапаліт Філарэт: даруем адзін аднаму напярэдадні Вялікага паста
Кіраўнік праваслаўнай царквы ў Беларусі 17 сакавіка выступіў са зваротам да духавенства і вернікаў.
Ён заклікаў дараваць усё адно аднаму, пакінуць свае крыўды і згасіць пакорай полымя жарсцяў.
“Пост — гэта не проста забарона на пэўную ежу. Гэта ўнікальны духоўны досвед, які аб’ядноўвае ўзмоцненую грамадскую і хатнюю малітву, устрыманне, перадусім ад нявартых хрысціяніна думах, жаданняў і пачуццяў, а таксама час пакаянных роздумаў чалавека над уласным жыццём”, — адзначаецца ў звароце, які цытуе БЕЛТА. Пры гэтым мітрапаліт нагадаў, што пост яшчэ з апостальскіх часоў быў неад’емнай часткай духоўнага жыцця хрысціянаў.
Акрамя таго, Мітрапаліт Філарэт падкрэсліў, што будучы пост — гэта чаканне свята Уваскрэсення Хрыстова. Таму пост — гэта не нагода для журбы.
Вялікі пост для праваслаўных вернікаў Беларусі сёлета пачынаецца 18 сакавіка, а Вялікдзень прыпадае на 5 траўня.