Мітрапаліт Філарэт ушанаваў памяць аўтакефальнага мітрапаліта Мелхіседэка
У Мінску прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя памяці мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка.
17 траўня, у дзень 80-годдзя з дня смерці мітрапаліта Мелхіседэка, на будынку Інстытута тэалогіі БДУ адкрылі памятную шыльду з партрэтам уладыкі. Цырымонію ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, інфармуе сайт Маскоўскага Патрыярхату.
Словы падзякі на адрас усіх даследнікаў жыцця і дзейнасці мітрапаліта Мелхіседэка, а таксама скульптара і мецэнатаў прагучалі з вуснаў сваячкі архірэя Ганны Бадуравай. Пасля адкрыцця мемарыяльнай шыльды ў Інстытуце тэалогіі адбыліся навукова-асветніцкія чытанні "Мітрапаліт Мелхіседэк (Паеўскі) — царкоўны дзеяч і асветнік".
Нагадаем, што мітрапаліт Мелхіседэк у 20-х гадах мінулага стагоддзя стаў актыўным прыхільнікам аўтакефаліі Беларускай царквы (як вядома, цяпер Беларуская Праваслаўная Царква падначальваецца Маскоўскаму патрыярхату РПЦ). За вернасць праваслаўю тройчы быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Апошнія тры гады мітрапаліт Мелхіседэк служыў на Енісейска-Краснаярскай кафедры, але заўсёды імкнуўся вярнуцца ў родную Беларусь. Ён раптоўна памёр 17 траўня 1931 года падчас службы ў Пакроўскім храме Масквы. Пахаваны на маскоўскіх Праабражэнскіх могілках.