Мітынг у Брэсце забаранілі з-за візіту воінаў-інтэрнацыяналістаў з Расіі

Заяўніца, актывістка прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк была здзіўленая прычынамі адмовы:

Міхнюк: "Мы чуць не пападалі, прачытаўшы: “Грунтуючыся на лісце прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці пра візіт дэлегацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў з Ніжагародскай вобласці, Брэсцкім гарвыканкамам узгодненая праграма прабывання дэлегацыі, якая прадугледжвае 10 снежня правядзенне ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў жалобных мерапрыемстваў".

Міхнюк адзначае, што ў Брэсце ёсць яшчэ адна пляцоўка для масавых мерапрыемстваў — стадыён "Лакаматыў". Да таго ж, на сайце аблвыканкама пазначана, што зранку і да абеду 10 снежня ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў будзе канцэрт, а не жалоба. Па словах Міхнюк, акцыі не супадаюць у часе і падставаў для адмовы няма.

Калі гарвыканкам не вырашыць праблему, актывістка збіраецца ўзяць некалькі гваздзікоў і прыйсці да помніка палеглым у Афганістане брэстаўчанам. Яна згодная, каб яе скруцілі на вачах расійскіх афганцаў.