“Можна проста тыкнуць пальцам на патрэбную вам страву ў меню”
Альбо асвойвайце мову жэстаў — раяць замежным турыстам адміністратары рэстаранаў Мінска.
Напярэдадні гульні БАТЭ — "Мілан" у адной са сталічных кавярняў мы заўважылі, як афіцыянтка свабодна размаўляе з фанамі “Мілана” па-італьянску, і вырашылі даведацца, на якіх яшчэ мовах з вамі пагавораць у сталічных рэстаранах.
У адной з папулярных кавярняў “Моя английская бабушка”, што месціцца на, бадай, самай вядомай цэнтральнай вуліцы — Маркса, нас нечакана здзіўляюць. Тут няма нават меню на англійскай мове. І прапануюць мову жэстаў.
“Яны могуць ведаць некаторыя словы. Але так, як вы маеце на ўвазе, на размоўнай англійскай, не размаўляюць, — тлумачыць адміністратар. — І зараз у нас няма меню на англійскай мове, бо кошты мяняюцца і даводзіцца перадрукоўваць. Замежнікі часта да нас заходзяць, ну неяк кантактуем з імі. Жэстамі! Нейкія асобныя словы замежнікі ведаюць, кшталту “курыца-мяса-суп-салат”. Тут вось побач News Cafe — тым часам раіць адміністратар, — там я ведаю, што размаўляюць”.
Дарэчы, як мінімум адна пісьмовая скарга на абслугоўванне ў “Бабушки” ёсць — рэстаранны крытык Рэната Кучынота яшчэ на пачатку лета наракаў на тое, што ў англійскай кавярні не размаўляюць па-ангельску.
У адным з самых наведваемых замежнымі гасцямі месцы — піўным рэстаране “Ракаўскі бровар” — мяне перш за ўсё пытаюцца, у які дзень замежнікі хацелі б адпачыць. Як высвятляецца, усё каб трапіць у змену англамоўнага метрдатэля. Але калі вы прыйдзеце ў іншы дзень — “можна проста тыкнуць пальцам на патрэбную вам страву ў меню”, падказвае адміністратар.
“Афіцыянтаў, якія добра размаўляюць, у нас няма. Ёсць метрдатэль, які добра ведае мову, але гэта залежыць ад таго, у які дзень вы прыйдзеце. Бо ён працуе два дні праз два. Афіцыянты могуць вас зразумець, але свабодна не гавораць. Да нас ходзяць замежныя госці, часта абслугоўваем, падаецца — без праблемаў. У нас ёсць меню на ангельскай мове, разумееце? І чалавек, калі што, можа паказаць. Нават пальцам! Нейкія словы, там “піва-гарэлка-салаты” афіцыянты ведаюць”.
Загадзя абмеркаваць дзень нам прапануюць і ў папулярным французскім пабе "Live pub". Пра валоданне французскай там і гаворка не вядзецца. Нават наконт абслугоўвання на ангельскай трэба таксама дамаўляцца загадзя. Так што зайсці, як кажуць, наўздагад не атрымаецца.
“Ну дзяўчына! Вы агаворвайце дзень, а мы тады ўжо што-небудзь прыдумаем”, — злуецца адміністратар "Live pub".
А вось у моднай установе "Black door" (там жа месціцца і кавярня "Viena") Еўрарадыё запэўніваюць: заўжды знойдуцца англамоўныя афіцыянты. Нягледзячы на тое, што рэстаран пазіцыянуецца як месца з мульці-кухняй (ад французскай і італьянскай да кітайскай), на мовах гэтых краінаў у "Black door" з вамі не пагавораць. Але з ангельскай абяцаюць справіцца.
Са словаў адміністратара, “усе афіцыянты дасканала валодаюць ангельскай” і ў італьянскім "Perfetto". Два англамоўныя афіцыянты змяняюць па зменах адзін аднаго ў прывакзальным “Эль Помидоро” і ў папулярным у турыстаў месцы — “У Францыска”. З большага гавораць па-ангельску ў беларускай страўні “Талака”.
Што тычыцца іншых моваў — рэстаран "Falcone" абяцае забяспечыць італьянскіх гасцей кансультацыяй непасрэдна ад шэф-повара. Да таго ж у рэстаране ўсе афіцыянты размаўляюць па-ангельску, а частка з іх і па-італьянску.
Французскі рэстаран “Золотой гребешок” (La Crete d'or) практыкуе тую ж “тэхніку”:
“Неабходны мінімум афіцыянты ведаюць па-французску. У нас ёсць меню на французскай і на ангельскай мовах. Ніякіх складанасцяў з гэтым няма. Да таго ж наш адміністратар вельмі добра валодае ангельскай, праблемаў не будзе” — запэўніваюць у La Crete d'or.
Адказ на пытанне, чаму ж гэта такая праблема — знайсці англамоўных афіцыянтаў сярод моладзі, мы, бадай што, знаходзім у кавярні "Olivo", дзе яшчэ пару дзён таму, перад матчам з “Міланам”, афіцыянтка свабодна размаўляла з заўзятарамі італьянскага клуба на іх мове. На сённяшні дзень дзяўчына там больш не працуе. Як патлумачыла адміністратар кавярні, маладыя людзі, якія добра ведаюць мову, пры першай жа магчымасці з’язджаюць за мяжу — маўляў, праца тая ж,а грошы іншыя.