Музей у Неапалі паліць творы мастацтва (фота)
Гэтак музей пратэстуе супраць скарачэння фінансавання ўстановаў культуры.
Як паведамляе ВВС, у аўторак дырэктар музея сучаснага мастацтва Casoria Антоніё Манфрэдзі ўласнаручна падпаліў першае палатно. Па яго словах, тысяча экспанатаў музея ў кожным разе асуджаныя на знішчэнне праз абыякавасць уладаў.
Спаленае палатно належала французскай мастачцы Севярын Бургіньён. Яна падтрымала акцыю пратэсту музея і сачыла за ёй праз інтэрнэт.
Манфрэдзі збіраецца спальваць па тры экспанаты ў тыдзень. Акцыя, якую аўтары назвалі "Вайной мастацтва", атрымала падтрымку шмат якіх еўрапейскіх мастакоў. Напрыклад, скульптар з Уэльса Джон Браўн на знак падтрымкі падпаліў адзін са сваіх твораў у панядзелак.
Прычына ў тым, што новы ўрад Італіі на чале з Марыё Монці праводзіць палітыку жорсткай эканоміі дзяржаўных выдаткаў. Гэтая палітыка моцна б'е па ўстановах культуры, якія пазбавіліся большай часткі дзяржаўнай падтрымкі.