МВФ ухваліў адмену абмежаванняў на валютным рынку Беларусі
Асабліва "абнадзейвае" фонд абяцанне Нацбанка ў бліжэйшай будучыні вярнуцца да адзінага абменнага курса.
Міжнародны валютны фонд ухваліў рашэнне беларускіх уладаў увесці свабоднае курсаўтварэнне паміж банкамі і кампаніямі ды заклікаў уніфікаваць валютныя курсы на ўсіх сегментах валютнага рынка ў кароткія тэрміны. Пра гэта Reuters паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва фонду ў Беларусі Наталля Калядзіна.
"Тое рашэнне, якое было абвешчана — гэта рух у слушным кірунку. Гэта забяспечыць вялікую гнуткасць валютнага курсу", — сказала Калядзіна.
"Абнадзейвае, што НБ назваў гэта часовым захадам і заявіў, што курсы будуць уніфікаваныя... Гэта павінна быць зроблена ў дастаткова кароткія тэрміны", — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва МВФ.