МЗС: Эксперты аналізуюць прынятыя меры ў дачыненні да Беларусі
Беларускі бок прадумвае магчымыя крокі ў адказ на санкцыі ЕС і ЗША. Цяпер эксперты аналізуюць прынятыя меры ў дачыненні да Беларусі.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар МЗС нашай краіны Андрэй Савіных.
Савіных: “Прадумваюцца мажлівыя крокі ў адказ. Яны будуць зробленыя з
разуменнем таго, што Беларусь не хоча рухацца па шляху негатыўных і
канфрантацыйных сцэнароў. Мы выступаем за дыялог і супрацоўніцтва. Аднак
знешняя палітыка Беларусі з’яўляецца незалежнай і рэалізуецца на
падставе прынцыпу ўзаемнасці. Гэта логіка і будзе палягаць у аснове
нашых мажлівых мераў у адказ”.
Калі будуць прынятыя меры ў
адказ на санкцыі, пакуль не паведамляецца. Нагадаем, 31 студзеня ЕС і
ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінску. ЕС забараніў уезд
158 беларускім чыноўнікам, ЗША пашырылі свой спіс і аднавілі санкцыі ў
дачыненні да прадпрыемстваў "Полацк-Шкловалакно" і "Лідская лакафарба".