МЗС Польшчы адказала на абвінавачанні Саюзу палякаў Беларусі
Польскія ўлады адкінулі абвінавачванні ў палітызаванасці пры размеркаванні сродкаў для дыяспары.
“Размеркаванне рэсурсаў, якія знаходзяцца ў распараджэнні міністэрства на супрацоўніцтва з Палоніяй і палякамі за мяжой, ажыццяўляецца ў форме адкрытых конкурсаў у адпаведнасці з палажэннямі Закона аб грамадскай карысці і валанцёрстве. Прыкладам можа служыць польская прэса, якая рэгулярна з'яўляецца ў Беларусі. Сродкі на гэтыя мэты атрымаў фонд “Свабода і дэмакратыя” у чэрвені гэтага года. МЗС Польшчы разглядае падтрымку Палоніі на Усходзе як прыярытэтны накірунак. Гэта знаходзіць сваё адлюстраванне ў сталай падтрымцы з боку ўрада і Міністэрства замежных спраў гэтай сферы супрацоўніцтва з польскімі арганізацыямі”, — гаворыцца ў адказе МЗС Польшчы, які надрукавала Польскае прэсавае агенцтва.
Перад гэтым Саюз палякаў Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Арэхвы накіраваў ліст да ўдзельнікаў IV З'езду Палоніі ў Варшаве. У ім беларускія палякі раскрытыкавалі працу польскага МЗС і заявілі пра палітызаванасць пры размеркаванні сродкаў для дыяспары. Нагодай для ліста сталі праблемы з фінансаваннем дзейнасці арганізацыі з боку польскіх уладаў.
Нагадаем, што з 2005 года існуе два Саюза палякаў у Беларусі. Тады беларускія ўлады не прызналі правамоцнасць з'езда, які абраў старшынёй арганізацыі Анжаліку Борыс і арганізавалі паўторныя выбары. На іх быў абраны ў якасці кіраўніка арганізацыі Іосіф Лучнік, але гэтае рашэнне не было прызнанае польскімі уладамі. У дадзены момант польскія ўлады прызнаюць саюз пад кіраўніцтвам Анжалікі Арэхвы, а беларускія ўлады лічаць законным саюз пад кіраўніцтвам Мечыслава Лысага.