МЗС: Прадпрыемствы ЕС у час крызісу выжывалі дзякуючы Беларусі

Пра гэта 13 сакавіка заявіў намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў. Ён адзначыў, што "у сучасным знешнім гандлі інструмент эканамічных санкцый і абмежаванняў не з'яўляецца прымальным і прадуктыўным".

Беларусь, падкрэсліў намеснік міністра, са шкадаваннем успрыме санкцыі эканамічнага характару з боку Еўрасаюза. Гур'янаў нагадаў, што ў 2011 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і ЕС склаў 25 млрд. долараў з пераважнай доляй беларускага экспарту.

Прадстаўнік МЗС падкрэсліў, што ў перыяд крызісу 2009-2010 гадоў Беларусь не спыніла сваіх гандлёвых адносінаў з ЕС. Еўрапейскія прадпрыемствы, "па сутнасці, выжывалі дзякуючы кантактам з Беларуссю", цытуе словы Гур'янава БелаПАН.

Нагадаем, за год гандлёвы абарот Беларусі з краінамі ЕС павялічыўся на 153%. Дзякуючы менавіта Еўрасаюзу, з якім цяпер ідзе "дыпламатычная вайна", сальда знешняга гандлю сёлета станоўчае.

Фота — bymedia.net