На адрас брэсцкіх ўладаў накіравалі патрабаванне “Крока ў Еўропу”
За хутчэйшае адкрыццё Малога памежнага руху з Польшчай падпісаліся каля трох тысяч грамадзянаў.
Пра гэта паведаміла актывістка Грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Ганна Канюс:
“Праграму “Крок у Еўропу” мы рабілі па ўсёй Брэсцкай вобласці. Праводзілі інфармацыйную кампанію і збіралі подпісы пад зваротам да мясцовых уладаў і дэпутатаў аб паскарэнні адкрыцця Малога памежнага руху. Агулам назбіралі 2 тысячы 670 подпісаў. Адпраўляем іх, каб у панядзелак з самага ранку і гарвыканкам, і гарадскі Савет дэпутатаў іх атрымалі”.
Ужо больш за год толькі беларускі бок блакуе адкрыццё бязвізавага руху ў межах 50-кіламетровай памежнай зоны ў Беларусі і Польшчы, нагадала спадарыня Канюс.
Дарэчы, з 1 сакавіка адкрываецца Малы памежны рух паміж Беларуссю і Латвіяй. З 20 лютага ахвотным пачалі рабіць дакументы.