На беларускія інтэрнэт-аўкцыёны пачалі выстаўляць долары
Беларускія інтэрнэт-карыстальнікі на свой лад адрэагавалі на сітуацыю на айчынным валютным рынку.
На найбуйнейшым беларускім інтэрнэт-аўкцыёне на таргі выставілі купюру ў 100 амерыканскіх долараў, паведамляе “Наша Ніва”.
У апісанні пазначана, што банкнота 2006 года выпуску, знаходзіцца ў выдатным стане, колер — зялёны.
Стаўка паводле стану на раніцу 10 красавіка — 355 тыс. рублёў (то бок 116,39 долара па сённяшнім курсе Нацбанка). Але наведнікі могуць прапанаваць сваю стаўку.
Асоба, што выставіла лот на таргі, пражывае ў Мінску, абяцае асабіста даставіць купюру купцу, разлік наяўнымі з прадаўцом пры атрыманні лота.
Лот дзейны да 16 красавіка.