На Брэстчыне ўшанавалі памяць касінераў Траўгута і Каліноўскага (фота)
Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча зладзіла аўтобусную паездку.
Жыхары Брэста, журналісты наведалі месцы, дзе стаяць памятныя знакі паўстанцам 1863-1864 года: урочышча Востраў у Маларыцкім раёне, вёску Сабалі Бярозаўскага раёна, гарадскі пасёлак Косава Івацэвіцкага раёна і вёску Мілавіды Баранавіцкага раёна. Усюды яны пакінулі кветкі і запалілі свечкі. Удзельнік паездкі, мастак Анатоль Жалудко, распавёў:
“Няма каля гэтых ключавых помнікаў паўстанцам 1863-1864 года кветак ад беларускага народа. А паўстанне ж было “За нашу і вашу волю”, не толькі з польскага боку. Пагатоў што падтрымалі паўстанне і расійскія людзі, сябры арганізацыі “Зямля і воля”, прагрэсіўная інтэлігенцыя. Цар задумаўся, што трэба падымаць край, які колісь квітнеў і які Расійская імперыя ператварыла ў адстойнік”.
Праграма была такой насычанай, што давялося адмовіцца ад намеру паказаць маёнтак магната Прозара ў Сігневічах, сказаў спадар Жалудко. Гэта незаслужана забыты герой, бо ён ахвяраваў на паўстанне мільён злотых і быў адным з яго кіраўнікоў на Берасцейшчыне. Сядзіба Прозара ў заняпадзе і патрабуе выратавання.
Мемарыяльныя мерапрыемствы да 150-х угодкаў паўстання праводзяцца пад патранажам прэзідэнта Рэспублікі Польшчы Браніслава Камароўскага.

