На будаўніцтве "Чыжоўка-Арэны" ўзнік скандал на мільён долараў
Справай занялося Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў.
Праваахоўнікі вінавацяць ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама ў нядобрасумленнасці ў тэндарным гандлі пры выбары пастаўшчыка абсталявання для "Чыжоўка-Арэны". Маўляў, пры ўсталяванні сістэмы "Медыякуб" замоўцы выбралі пастаўшчыка, які ацаніў свае паслугі ў 21 мільярд рублёў. Тым часам іншыя пастаўшчыкі прапаноўвалі ніжэйшыя кошты. Як піша "Ежедневник", пасля ўмяшання праваахоўнікаў вынікі тэндара былі адмененыя, а пераможцам наступных таргоў стаў пастаўшчык, які прапаноўваў кошт 12,5 мільярда рублёў.
Прадстаўнікі МУС рапартуюць, што папярэдзілі шкоду эканамічным інтарэсам дзяржавы на 8,6 мільярда рублёў — гэта прыблізна 1 мільён долараў.
Тым часам не ўсё так проста, як выглядае з першага погляду. "Медыякуб" — сістэма вышэйшай катэгорыі складанасці. Гэта вялікая колькасць экранаў, змантаваных у канструкцыю накшталт куба. Ён вісіць у цэнтры залы і дае ўсю неабходную інфармацыю гледачам. Важыць канструкцыя каля двух дзясяткаў тон.
Будаўнікі кажуць, што кампанія, якая выйграла другі тэндар, не мае досведу ў мантажы такіх канструкцыяў. Да таго ж, у яе штаце працуе менш за 10 чалавек. Першы ж пераможца ўжо мантаваў "Медыякуб" на "Мінск-Арэне".
Фота — sports.ru