На дзяржаўным радыё афіцыйна забаранілі Цоя, ШОС і Аляксандра Рыгоравіча
Адміністрацыя распрацавала для супрацоўнікоў спіс песняў і выразаў, якія мусяць не трапіць у эфір.
Перш за ўсё, гэта “Перамен” Віктара Цоя. Рэч у тым, што апошні месяц вельмі шмат людзей замаўлялі яе — раней такога не было. Забаранілі таксама песні “Ляпісаў” — “Грай” і “Belarus freedom”. Як паведаміла тэлеканалу Белсат журналістка Беларускага радыё, гэтыя кампазіцыі далучылі да ранейшых забаронаў гуртоў “N.R.M.”, “Крамбамбуля”, “Крама” ды іншых.
Апроч таго, на працоўным стале кожнага радыёвядоўцы цяпер вісіць раздрукоўка забароненых для вымаўлення ў эфіры словаў. Так, пасля выпадку з Шосам Аляксандрам Рыгоравічам на “Русском радио” дырэкцыя сабрала нараду. Супрацоўнікам патлумачылі, што вымаўляць у эфіры “ШОС” ці проста “Аляксандр Рыгоравіч” забараняецца. Зараз усе паведамленні ад слухачоў некалькі разоў перачытваюць, перш чым пусціць у эфір.