На двух барысаўчан пачалі крымінальную справу за знявагу сцяга
Гэта экс-палітвязень Аляксандр Малчанаў і яго сябар Андрэй Нікалаеўскі. Іх вінавацяць у абразе дзяржаўных сімвалаў.
Барысаўскім актывістам пагражае абмежаванне волі тэрмінам да 1 года.
Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", 26 кастрычніка ў цэнтры Барысава былі залітыя фарбай дзяржаўныя сцягі. Пасля гэтага ў ноч на 27 кастрычніка ў доме Малчанава адбыўся ператрус. Міліцыянты шукалі забароненую нацыянальную сімволіку і канфіскавалі камп'ютар. Малчанава затрымалі. Хоць міліцыя не знайшла ніякіх фармальных доказаў, Аляксандра асудзілі на 10 сутак арышту. Пасля гэтага дома ў Малчанава прайшоў яшчэ адзін ператрус.
Два ператрусы 27 кастрычніка адбыліся і на кватэры ў Андрэя Нікалаеўскага.