На экс-палітвязня Васіля Парфянкова пачалі новую справу

Пра гэта ўдзельнік падзеяў 19 снежня 2010 года даведаўся сёння, 19 красавіка, ад следчага Першамайскага аддзела Следчага камітэту Рабцава.

Як інфармуе Радыё "Свабода", следчы паведаміў, што на Парфянкова пачалі крымінальную справу за парушэнне ўмоваў прафілактычнага нагляду. Сам экс-палітвязень лічыць, што ўлады не абмяжуюцца ўмоўным пакараннем, ведаючы пра яго судзімасць за 19 снежня.

Васіль Парфянкоў прызнаў, што ў яго былі тры парушэнні ўмоваў нагляду. Па яго словах, адзін акт быў складзены, калі ён выйшаў у краму, а ў гэты час прыйшла праверка. Другі раз, кажа Парфянкоў, ён на 15 хвілін спазніўся адзначыцца.

Прафілактычны нагляд Парфянкову прызначылі 5 студзеня тэрмінам на год. Гэта адбылося пасля таго, як былога палітвязня арыштавалі на суткі за ўдзел у акцыі салідарнасці.

Фота — svaboda.org