На Гомельшчыне меней за 10% гарадскіх школьнікаў навучаюцца па-беларуску
Пры гэтым у вёсках на беларускай мове навучаюцца прыкладна 80% дзяцей.
У абласным цэнтры навучанне на мове тытульнай нацыі вядзецца толькі ў гімназіі №36, дзе ёсць асобныя беларускія класы. Пра гэта паведаміў на прэсавай канферэнцыі начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкаму Сяргей Парошын.
Паводле яго словаў, раней у гэтай гімназіі навучалі толькі па-беларуску, але затым бацькі сталі патрабаваць сфармаваць рускамоўныя класы. Такая сітуацыя склалася таму, што ў 1990-ых гадах беларускую мову гвалтоўна навязвалі, але захады далі адваротны эфект, лічыць спадар Парошын. На ягоную думку, сітуацыя з беларускай мовай цяпер паступова паляпшаецца, перадае БелаПАН.