На літоўскай мяжы чэргі даўжэйшыя, чым на польскай

Нагадаем, што з сённяшняга дня і да пятніцы польскія мытнікі абвясцілі страйк. Па словах прэс-сакратара Памежнага камітэта Беларусі Аляксандра Цішчанкі, на пераходзе "Брузгі" чарга на ўезд у Беларусь складае 50 грузавых аўтамабіляў, на выезд з Беларусі — 30 грузавых і 150 легкавых. На памежным пераходзе "Бераставіца" на ўезд у Беларусь з Польшчы ў чарзе знаходзіцца 50 грузавых аўто, на выезд — 20, паведамляе interfax.by. На пераходзе "Варшаўскі Мост" у чарзе стаяць толькі легкавыя аўтамабілі: на выезд з Беларусі — 40, на ўезд — 70.

Між тым сайт Памежнага камітэта сведчыць, што чэргі на літоўскай мяжы на 10 гадзінаў раніцы значна большыя. У Катлоўцы і Прывалцы на выезд з Беларусі стаяць па 180 грузавікоў, у Каменным Логу — 400 грузавікоў і 40 легкавікоў, у Беняконях чаргі на выезд чакаюць 150 грузавых аўто.