На Лукашэнку хочуць узваліць дадатковую адказнасць
Сёння кіраўнік краіны не толькі галоўнакамандуючы, прэзідэнт НАК ды №1 хакейнай каманды.
Чарговую новую структуру ствараюць у краіне — адзіную службу судовых экспертыз. І прапаноўваюць, каб яна наўпрост падпарадкоўвалася Аляксандру Лукашэнку. Кім і чым яшчэ кіруе беларускі лідар?
Да прыкладу, ёсць асобныя вайсковыя часткі, якія не маюць ніякага дачынення да Міністэрства абароны.
Вайсковая частка: “Мы — юрыдычная арганізацыя. Мы не падпарадкоўваемся ні МУС, ні Камітэту (дзяржаўнай бяспекі. — заўв. Еўрарадыё), ні памежнікам, ні МНС. Мы — пэўная вайсковая частка — вось і ўсё!”
Еўрарадыё: “Вы падпарадкоўваецеся наўпрост беларускаму галоўнакамандуючаму?”
Вайсковая частка: “Дакладна так!”
Насамрэч, калі паглядзець апошнія прызначэнні, то бачна, што апошняе слова за Лукашэнкам практычна ва ўсім. Кіраўнік краіны дае згоду на прызначэнне ці сам прызначае не толькі сваіх памочнікаў, міністраў, амбасадараў ды старшынь абл- ды райвыканкамаў, але і рэктараў ВНУ, кіраўнікоў адміністрацый асобных раёнаў горада, суддзяў раённых судоў ды… дырэктараў віна-гарэлачных ды іншых заводаў!
Ці не зашмат адказнасці ў кіраўніка краіны? Палітолаг Аляксандр Фядута упэўнены: зашмат.
Аляксандр Фядута: “Гэта ненармальна. Бо жаданне абсалютнай цэнтралізацыі і жаданне падпарадкавання ўсяго, што існуе ў краіне, сабе сведчыць, што чалавек нікому не давярае і лічыць, што ён здольны кіраваць усім — ад абортаў да ракет, як ён сам калісьці казаў”.
Эксперт сцвярджае: такая цэнтралізацыя не вядзе да падвышэння эфектыўнасці кіравання. І дадае: вопыт паказвае — чым большая цэнтралізацыя, тым меншы “сэнс у прыняцці, перш за ўсё, эканамічных рашэнняў”.
З тым, што на плечы кіраўніка краіны не трэба ўзвальваць яшчэ і “кіраванне” судовымі экспертамі, згодны і экс-міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў.
Юрый Сівакоў: “Калі мы хочам паставіць яе і над Следчым камітэтам, і над усімі іншымі суб’ектамі, якія надзеленыя правам аператыўна-вышуковай дзейнасці, то яна павінна быць у Міністэрстве юстыцыі. Гэта тое рашэнне, якое прадвызначыць нармальны статус і адпаведную падначаленасць”.
То, можа, прызначаныя асабіста кіраўніком краіны чыноўнікі больш эфектыўна выконваюць свае абавязкі, а структуры, якімі ён кіруе, — у лідарах?
Аляксандр Фядута: “Ведаеце, наколькі я бачу, за карупцыю ў апошні час арыштоўваліся альбо асобы, якіх прызначаў асабіста прэзідэнт, альбо тыя, каго прызначалі па ўзгадненні з прэзідэнтам”.
А беларускія алімпійцы і ўвогуле “завалілі” ўсе дзяржаўныя планы па медалях. Нягледзячы на тое, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ўзначальвае кіраўнік краіны…
Фота: zn.ua