На "Папяровай фабрыцы Дзяржзнака" знайшлі прыпіскі маладняку

Як піша "Ежедневник", крымінальная справа стала вынікам дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю. Напрыканцы 2012 года ён у рамках суправаджэння "Дажынак" правяраў на вашывасць прэтэндэнтаў на званне лепшых аграрнікаў краіны.

Тады са спісаў магчымых пераможцаў па Міншчыне былі выключаныя шэсць прэтэндэнтаў, у якіх выявіліся прыпіскі. Сярод іх быў філіял фабрыкі Дзяржзнака "Ніўкі", якім і кіруе намеснік гендырэктара па сельскай гаспадарцы.

Паводле папярэдніх звестак Следчага камітэта, намеснік дырэктара ўнёс у дзяржаўную статыстычную справаздачнасць заведама ілжывыя звесткі аб прыбаўленні ў вазе і прыросце маладняка ў "Ніўках". Цяпер наменсіку дырэктара пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць адпаведныя пасады.

Праўда, расследаванне толькі пачалося. Цяпер ідзе праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства.

Фота — goznakpaper.by