Населены пункт у Кітаі назвалі ў гонар беларускай ягады

Буякі вырошчваюць на доследна-эксперыментальнай базе “Журавінка” ў Ганцавіцкім раёне. Адсюль і мацавалася кітайская мода на буякі, піша газета “Савецкае Палессе”. Два гады таму ў Кітай ездзіў з навуковым дакладам кіраўнік базы Мікалай Паўлоўскі, і ён схіліў кітайцаў да думкі вырошчваць буякі.

Цяпер у Кітаі буяе сапраўдная ліхаманка па вырошчванні буякоў. Прынятая агульнанацыянальная праграма. Пад беларускія ягады вылучылі тры з паловай тысячы гектараў зямлі.

Па словах Паўлоўскага, кітайцы вырабляюць з буякоў шмат больш прадуктаў, чым беларусы. Гэта цукеркі, біялагічна актыўныя дадаткі, джэмы. На прамысловай выставе ў Харбіне экспанавалася нават бутэлька буяковага віна коштам амаль тысячу долараў.

Фота — nash-sadok.ru