Наста Палажанка напісала рэзкі зварот да апазіцыі

За фармальныя дачэпкі з боку адміністрацыі калоніі палітвязню могуць дадаць яшчэ год зняволення. На пачатку ліста Палажанка тлумачыць прычыны, якія змусілі яе напісаць адкрыты зварот: “Цяжка гаварыць пра такія рэчы між справамі, таму цяпер я дазволю сабе зняць дзелавы пінжак і выказацца па-жаночаму, як нявеста палітвязня”. Наста нагадвае, што “за гэтыя паўтара года я атрымала каля 300 лістоў ад Змітра, а бачылася з ім толькі двойчы — на судзе і падчас пахавання яго маці”.

Дзяўчына праходзіцца па ладзе жыцця палітыкаў: “Не так даўно, яшчэ паўтара года таму, на свабодзе Зміцер штодня гутарыў з вамі па тэлефоне, сустракаўся за кубкам кавы, абмяркоўваў бягучыя палітычныя справы ды выказваў прагнозы на прэзідэнцкія выбары... Цяпер вы і працягваеце сустракацца між сабой ў тых самых кавярнях за куфлямі халоднага піва, будаваць новыя планы, рабіць палітычныя прагнозы, абмяркоўваць, хто што напісаў у фэйсбуку ці запосціў у твітары. Змітра вы выкраслілі са сваёй тусоўкі, быццам бы ён не з’яўляецца адным з найбольш адданых і перспектыўных палітычных лідараў новай Беларусі”.

Наста Палажанка падсумоўвае, што кожны нешта можа зрабіць для Дашкевіча: палітыкі, журналісты, эмігранты, усе неабыякавыя людзі — і называе канкрэтныя варыянты дзеянняў.

"Што можна зрабіць? Як мінімум:

палітыкі — уздымаць праблему палітвязняў на ўсіх сустрэчах, як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі; дамагацца сустрэч і рэакцый высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў на праблему палітвязняў; арганізоўваць кампаніі салідарнасці з палітвязнямі, незалежна ад таго, ці з’яўляюцца яны сябрамі вашых партыяў ці кампаній; не ленавацца выказваць пазіцыі сваіх структураў па праблемах палітвязняў. Уявіце, што сядзяць вашыя дзеці-бацькі-браты, што б вы тады рабілі?

журналісты — проста пісаць пра палітвязняў. Так, гэтая тэма не штодня дае цікавыя інфармацыйныя нагоды, але вашыя артыкулы рэальна аблягчаюць існаванне палітвязняў у турмах: нагадваюць ім, што пра іх памятаюць;

эмігранты – абабіваць парогі ўсіх заходніх структураў, даносіць ім інфармацыю пра палітвязняў; працаваць з беларускімі прадстаўніцтвамі і асобнымі людзьмі, якія ўплываюць на палітычную ці эканамічную сітуацыю ў краіне.

усе неабыякавыя людзі — пісаць лісты падтрымкі палітвязням і лісты з патрабаваннямі іх вызвалення ў КДБ, Следчы камітэт, Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта і г.д. Не баяцца ініцыяваць любыя акцыі падтрымкі і грамадскай салідарнасці. Арганізоўвайце малітвы за палітвязняў, прасіце перад Богам за іх. Магчыма, менавіта вашыя высілкі прывядуць да вызвалення палітвязняў".

Фота — bymedia.net