Настаўніца Ільініч будзе дамагацца аднаўлення на працы праз суд

Настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Ільініч, з якой дырэктар школы не працягнула працоўны кантракт, падрыхтавала іскавую заяву ў суд Пухавіцкага раёна, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна"

Наталля Ільініч упэўненая, што яе пазбаўляюць працы за грамадска-палітычную актыўнасць. "Тыя прычыны, якія назвала дырэктар школы ў абгрунтаванне, яны не істотныя, бо не ўплываюць на якасць выхаваўчага і навучальнага працэсу. А пісьмовых афіцыйных вымоваў я ніколі не мела, заўсёды атрымлівала толькі падзякі за працу – і ад бацькоў, і ад вучняў былых, і ад адміністрацыі таксама", - распавяла настаўніца.   

У сваёй заяве Ільініч паведамляе наступнае: "З вынесеным наймальнікам загадам я не згодная і лічу, што сапраўднай прычынай прыняцця рашэння аб маім звальненні і адмовы ў заключэнні новага працоўнага кантракту з’яўлецца абмежаванне мяне ў працоўных правах па палітычных перакананнях, у звязку з маёй актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю. Лічу сваё звальненне незаконным і заснаваным на дыскрымінацыйным падыходзе да мяне з боку наймальніка і іншых дзяржаўных установаў."