Настаўніца: Канавалаў у школе любіў хімію
На судзе пра выбух у метро выступіла класная кіраўніца Канавалава. Па яе словах, Дзмітры Канавалаў звычайна трымаўся ўбаку ад аднакласнікаў.
Класная кіраўніца распавяла, што Канавалаў заўсёды быў падкрэслена элегантным на фоне ўсіх хлопчыкаў у класе. Хаця шмат якія хлопчыкі тады насілі спартовыя гарнітуры, ён апранаў класічны гарнітур, кажа настаўніца. Часам ёй даводзілася адчытваць Канавалава за пропускі. Але вучань пры гэтым не дазваляў сабе грубасцяў.
Маці Канавалава запомнілася класнай кіраўніцы як узважаны чалавек, які не дазваляе сабе рэзкіх выказванняў на бацькоўскіх сходах, перадае БЕЛТА.
Пра іншага абвінавачанага настаўніца сказала, што Уладзіслаў Кавалёў не вылучаўся ў агульнай масе і нічым ёй не запомніўся.
Па яе словах, Канавалаў пасля ўрокаў мог пайсці ў кабінет хіміі, бо любіў гэты прадмет.