Настаўніца рускай мовы дапамагала рыхтаваць 100-бальніцу па беларускай мове

Марына Ягнешка закончыла сярэднюю школу №11 Гродна. Дзяўчына ў жыцці размаўляе па-руску, любіць Acute, а на "Басовішча" не паедзе. Марына кажа, што рыхтавацца да тэставання па беларускай мове было не вельмі складана. Да рэпетытара яна не звярталася, але займалася індывідуальна з настаўніцай.

“Дапаможнікі дома, настаўнікі — у школе. Мабыць, і ўсё. Абітурыентам, што будуць паступаць у будучыні, параю цярпення, жадання добра здаць і не хвалявацца на тэставанні”.

Рыхтавала Марыну да іспыту настаўніца беларускай мовы Ларыса Ходар. Вынікі тэставання гэтага года па беларускай мове яна лічыць нізкімі і распавядае, чаму школьнікі так дрэнна ведаюць родную мову.

“Па-першае, чамусьці ходзіць такая думка, што ў беларускай мове як чуецца, так і пішацца. Гэта самае небяспечнае. Па-другое, думаюць, што падрыхтавацца да тэстаў па рускай і беларускай мове можна без рэпетытараў і зэканоміць грошы сабе і бацькам. Па-трэцяе, дзеці, якія сёння пайшлі на беларускую мову, разлічвалі, што тэст будзе лягчэйшы з-за пераменаў правапісу. Але цяпер пераходны перыяд, і тэсты робяцца паводле былога правапісу”.

З аднаго боку, настаўніца ганарыцца тым, што ўзровень ведаў вучаніцы звычайнай школы аказаўся вышэйшым за ўзровень многіх ліцэістаў і гімназістаў. А з другога, скардзіцца, што падрыхтаваць 100-бальніка ў школьных умовах вельмі складана. Па школьнай праграме прыходзіцца арыентавацца не на самы моцны ўзровень, а толькі на сярэдні.

Дзяліцца з Еўрарадыё сакрэтамі ці асаблівымі прыёмамі падрыхтоўкі Ларыса Ходар не стала.

“Сакрэтаў ніякіх няма. Ёсць жаданне вучня атрымаць 100 балаў. Ёсць імкненне настаўніка падрыхтаваць вучня. Любоў да сваёй працы. А пасля і гонар за свайго вучня. Гэта звычайныя парады звычайнага вучня”.

Па некаторыя парады настаўніца звярталася да Веры Кучынскай, якая выкладае… рускую мову. Можа, таму ў 11-й школе Гродна выдатны вынік лічаць не дасягненнем канкрэтнага настаўніка ці канкрэтнага вучня, а поспехам усёй школы.

Сама Ларыса Ходар, як і яе вучаніца, у жыцці размаўляе па-руску. Але, як паказвае вынік, беларускую мову спецыяліст ведае выдатна.

На думку настаўніцы, беларусы не хочуць вучыць сваю мову, бо не разумеюць, што гэта неад’емная рыса беларускага характару і культуры. Таму працаваць прыходзіцца з вучнямі на невысокім узроўні, а сярэдні вынік на тэставанні па роднай мове ў краіне складае крыху болей за 30 балаў.

Фота с старонкі Марыны Ягнешкі "вКонтакте".