Наталлю Радзіну выклікаюць у КДБ у Мінск
Верагодна, рэдактару charter97.org будзе прад'яўлена канчатковае абвінавачванне і яе пачнуць знаёміць са справай.
Сёння раніцай Наталлі Радзінай патэлефанаваў следчы і сказаў, што яна павінна быць заўтра раніцай у Мінску. Супрацоўнік КДБ не ўдакладніў, навошта выклікаюць журналістку, адзначыўшы толькі, што для "правядзення следчых дзеянняў", паведамляе charter97.org.
Адвакат журналісткі Мар'яна Сямешка не выключае, што Наталлі Радзінай можа быць прад'яўлена канчатковае абвінавачванне і яе пачнуць знаёміць з матэрыяламі крымінальнай справы для наступнай перадачы ў суд.
"Відавочна паскарэнне працэсаў у разадзьмутай спецслужбамі крымінальнай справе пра падзеі 19 снежня. Судовы канвеер працуе хутка і без перабояў, як па замове, прыгаворваючы апазіцыянераў да жахлівых тэрмінаў зняволення. Мабыць, дайшла чарга і да журналістаў", - заявіла Наталля Радзіна.