Нацбанк апраўдвае Крэдэксбанк перад Мінфінам ЗША

Як паведамляе прэс-рэліз Нацбанка, падазрэнні Мінфіна ЗША не апраўдаліся. Нагадаем, што ў канцы траўня амерыканскае Міністэрства фінансаў назвала беларускі банк адным з цэнтраў глабальнага адмывання грошай. Падазрэнне фінансістаў выклікала тое, што банк мае невялікія актывы, але ажыццяўляе даволі вялікія аперацыі.

Як запэўнівае Нацбанк, усе згаданыя Мінфінам ЗША фінансавыя аперацыі "праводзіліся праз расійскія і заходнееўрапейскія банкі з апавяшчэннем у адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам органаў фінансавага маніторынгу".

Акрамя таго, Нацбанк паведаміў, што збіраецца прыняць меры, каб у далейшым не з'яўлялася інфармацыя, якая можа пашкодзіць рэпутацыі беларускіх банкаў. Для гэтага будзе падрыхтаваны закон, які дазволіць банкам скасоўваць "адносіны з сумнеўнымі кліентамі, супрацоўніцтва з якімі можа прывесці да непажаданых наступстваў".

Фота — profi-forex.org