Назіральніка выклікаюць у Следчы камітэт “па справе ровару”
Актывісту руху “За свабоду” і назіральніку па “байкотнай” Фрунзенскай акрузе № 101 Аляксандру Марчанку патэлефанавалі 22 верасня.
Гэта быў званок ад намесніка начальніка крымінальнага вышуку сталічнага Цэнтральнага РУУС. Актывіста выклікалі а 14.30 для дачы паказанняў і следчых дзеянняў да следчага Снацкага Валерыя Міхайлавіча, які прадстаўляе Следчы камітэт.
Марчанку паведамілі, што ён праходзіць сведкам па справе крадзяжу ровара на вуліцы Лесі Украінкі. Аднак грамадскі актывіст адмовіўся прыходзіць без позвы, нягледзячы на тое, што па яго абяцалі даслаць машыну.
Нагадаем, што прадстаўнікі руху “За Свабоду”, Партыі БНФ і моладзевага крыла “Гавары праўду” "Zмена" дамовіліся правесці акцыю байкоту ў сталічнай Фрунзенскай акрузе № 101. На ўсіх участках акругі цягам шасці дзён арганізавана назіранне з дзяжурствам у некалькі зменаў. Там працуюць ад 210 да 280 назіральнікаў. Апроч таго, плануецца раскідаць улёткі ў паштовыя скрыні прыкладна 20 тысяч кватэр, праводзіць пікетаванне, сустрэчы з выбаршчыкамі ды іншыя акцыі, паведамляе БелаПАН.