Па Мінску ездзіць “чорны варанок” НКУС (фота)
Аўтамабіль эксплуатуецца з 1936 года, на кансервацыі не стаяў.
Гэты чорны рэтра-“мерсэдэс” вылучаецца з агульнай плыні аўто на мінскіх вуліцах. Мадэль яўна даваенная, але выглядае машына як новая. “Наша Ніва” пагутарыла з кіроўцам аўто і адначасова яго ўласнікам Аляксандрам Тарноўскім.
Па словах Аляксандра, гэта Mercedes Benz W36. Ён валодае машынай з 1990 года, а да гэтага “варанок” належаў дзеду. У Беларусь машына трапіла з Нямеччыны пасля сканчэння вайны. “Мэрсэдэс” разам з дзедам працаваў у НКУС. Потым дзед сыйшоў на пенсію, а машыну спісалі. Тут дзед яе і “прыхватызаваў”. Але, на жаль, невядома, каго менавіта вазілі ў тым “Мерсэдэсе”.
Што да тэхнічных характарыстык, то машына “жарэ” па 16 літраў паліва на 100 кіламетраў і развівае хуткасць да 100 кіламетраў у гадзіну. Ніякіх праблем з рэгістрацыяй і тэхаглядам Аляксандр не мае.
Яго “варанок” паспеў зняцца ў 20 кінастужках. З апошняга — серыял “СМЕРШ”. Аднак Аляксандр Тарноўскі кажа, што
самым вялікім праектам з удзелам чорнага “Мэрсэдэса” сталі здымкі ў серыяле “Паляванне на гаўляйтара”, што адбываліся ў Бабруйску.
