Пакуль грэчка даязджае да Беларусі, яе кошт павялічваецца амаль ўдвая
Еўрарадыё прасачыла шлях грэчкі ад замежнага вытворцы да пакупніка ў Беларусі
Пачнем з таго, што фабрыкі Варонежскай вобласці суседняй Расіі рэалізуюць грэчку па 85-92 расійскія рублі за кілаграм. Што прыкладна 9300-10100 беларускіх рублей.
Але ў цэнтральных крамах Мінска 700-грамовы пачак грэчкі каштуе 12 280 рублеў, 900-грамовы – 14950 рублёў. Такім чынам, кілаграм грэчкі мінскаму пакупніку абыходзіцца каля 17 тысяч. Гэта амаль у два разы больш!
У адной з фірм, якая імпартуе грэчку з Расіі, высокі кошт на гэты прадукт тлумачаць праблемамі з валютай: “Па нацбанку валюту ніхто не прадае. Ёсць рынкавы курс, згодна з якім разлічыцца з пастаўшчыкамі будзе на 70-80% даражэй. Калі б нам прадалі валюту па нацбанкаўскім курсе, то мы б прадавалі грэчку з рэнтабельнасцю 30 працэнтаў, як сацыяльны тавар.”
Зараз у імпарцёраў усталяваўся курс 5200 рублёў за долар. Апошні кошт грэчкі ад расійскага вытворцы складаў 92 расійскія рублі за кілаграм. Крыху пазней падлічым….
Намеснік дырэктара “Скідзельаграпрадукт” Іосіф Эйсмант кажа, што беларуская грэчка каштуе 5000-5200 за кілаграм, але набыць яе ў краме не атрымаецца.
“Мы часова не адпускаем грэчку ў гандаль. Трымаем толькі запасы для закрытых устаноў. Ужо больш за месяц. Прадаем фасаваную грэчку па 5200 рублёў. Раней ад нас грэчка паступала ў крамы, якія набаўлялі па 30 працэнтаў”.
Беларускі вытворца сцвярджае, што яшчэ паўтары месяцы таму ў крамах можна было знайсці скідзельскую грэчку па 8000 рублёў за пачак.
Зараз ёсць два шляхі паступлення грэчкі ў Беларусь – Расія і Кітай. Украіна з-за ўласнага дэфіцыту спыніла экспарт.
Супрацоўніца аддзелу продажаў адной сталічнай фірмы-імпарцёра разам з карэспандэнтам Еўрарадыё падлічыла ўсе выдаткі ды нацэнкі.
Аддзел продажу:
"90 расійскіх рублёў без НДС дзелім на 30 (курс долара адносна расийскага рубля – Еўрарадыё), атрымоўваем кошт закупкі ў доларах – 3 долары. З НДС будзе 3,3 долары. Транспартныя выдаткі - гэта яшчэ 5 працэнтаў. Кошт, па якім мы зараз набываем долар – 5000-5200 рублёў. Сабекошт грэчкі атрымоўваецца 17 500 рублёў за кіло. Плюс аплата працы. Мы (імпарцёры) павінны зарабіць на грэчцы прыкладна 20%. Мы мусім прадаць весавую грэчку, каб нам было цікава займацца гэтай дзейнасцю за 21 000 рублёў."
З такім разлікам 700-грамовы пачак грэчкі павінен каштаваць 14700 рублёў. Да яго дадаецца кошт плёнкі – яшчэ 5 працэнтаў. Будзе 15500 рублёў. У такім выпадку імпарцёры зарабляюць 20 працэнтаў. Па іх словах, такі кошт ледзь-ледзь пакрывае выдаткі.