Палітвязень Ігар Аліневіч сустрэўся з маці

Па словах жанчыны, яна атрымала доўгатэрміновае спатканне з сынам. “Доўгатэрміновае спатканне — гэта моцна сказана. Нам далі адны суткі без вынасу прадуктаў. Ніводнага кілаграму! Хацела ў падарунак калоніі перадаць два мяхі яблыкаў на атрад. Улічваючы тое, што за ўсё лета-восень Ігар з’еў палову яблыка (нехта пачаставаў) гэта было б някепска. Але ж не, ежу ў падарунак нават усёй калоніі перадаваць нельга. Указанні ДВП. Таму трэці раз з чэрвеня (з тых часоў, як яго пазбавілі перадачаў) я збірала, разбірала, везла трыццацікілаграмовую перадачу дарма”, — цытуе допіс жанчыны charter97.org

Валянціна Аліневіч адзначае, што ездзіць у калонію з кожным разам усё складаней: ніколі не ведаеш дакладна, дадуць табе спатканне ці будуць прыдумляць любыя фармальныя і нефармальныя прычыны, каб пазбавіць іх.


Ігар Аліневіч адбывае 8 гадоў пакарання за акцыю анархістаў, аднак сваёй віны ён не прызнаў.