Памёр кіраўнік легендарнай мінскай “Талакі” Сяржук Вітушка

У пятніцу ў яго здарыўся інфаркт. Выходныя ён правёў у цяжкім стане і памёр на руках у жонкі Людвікі, якая апекаваліся ім доўгія гады. Сяржук Вітушка доўга і цяжка хварэў на дыябет, страціў зрок і нагу.

Сяржук нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысць Маладзечанскага раёна. Скончыў гістфак БДУ. Шмат пісаў на тэмы маладзевага руху, аховы помнікаў, краязнаўства. З 1991 года жыў у Вільні, працаваў у беларускай школе, на радыё і тэлебачанні. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнай дзейнасці, у прыватнасці, арганізоўваў “сляпыя экскурсіі” для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ, працягваў шмат пісаць, у тым ліку дзіцячыя казкі і п’есы-батлейкі, піша “Наша Ніва”.

У 2011 годзе выйшла яго кніга “Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!”. Радыё “Рацыя” выдала кампакт-дыск на яе аснове.

Хаваць Сержука Вітушку будуць у Чысці. Час пахавання пакуль яшчэ невядомы.