Партыя БНФ выставіць на выбары 30-40 кандыдатаў
Прыкладна такая колькасць сябраў партыі будзе сёлета прэтэндаваць на дэпутацкія мандаты Палаты прадстаўнікоў.
26 чалавек ужо далі персанальную згоду на вылучэнне кандыдатам у дэпутаты, яшчэ 12 пакуль у роздумах. Пра гэта стала вядома на паседжанні сойма партыі 29 красавіка, інфармуе БелаПАН. У кандыдаты ідуць лідар арганізацыі Аляксей Янукевіч і яго намеснік Рыгор Кастусёў. Ужо створаны выбарчы штаб, распрацоўваюцца ўлёткі, плануецца падрыхтоўка кандыдатаў да выступу на тэлебачанні.
Янукевіч паведаміў, што на наступным тыдні адбудуцца кансультацыі “кааліцыі шасці”, у якую апроч Партыі БНФ уваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, партыя “Справядлівы свет”, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, рух “За свабоду” і грамадзянская кампанія “Гавары праўду!”. На сустрэчы абмяркуюць у тым ліку і пытанне аб распрацоўцы адзінага паслання дэмакратычных сіл на парламенцкіх выбарах.