Партыя левых "Справядлівы свет" святкуе 20-годдзе

За 20 гадоў партыя двойчы памяняла назву. Спярша стала называцца Партыя камуністаў Беларуская, потым — Партыя левых "Справядлівы свет". Лідар партыі Сяргей Калякін у каментары Еўрарадыё нагадаў, што першыя паўгода пасля ўстаноўчага з'езда палітычную арганізацыю не рэгістраваў Мін'юст, таму партыйцам давялося праз суд адстойваць права на сваё існаванне.

Разам з тым, кажа Калякін, за 20 гадоў моцна эвалюцыянавала і сама колішняя Партыя камуністаў:

Калякін: "За 20 гадоў, вядома, шмат чаго змянілася ў партыі: змяніўся шматразова яе склад, змяніліся погляды партыі на мінуўшчыну, на цяпершчыну, на будучыню. Партыя — як жывы чалавек: па меры таго, як яна становіцца больш дарослай, дык яна мужнее, становіцца больш мудрай. Я думаю, гэта можна аднесці і да нашай партыі".

Па словах Калякіна, вялікіх імпрэзаў з нагоды юбілею не плануецца. У суботу 10 снежня пройдзе ўрачысты партыйны пленум. На ім плануецца прыняць зварот да беларускага народа ў сувязі з 20-годдзем партыі.