ПАСЕ лічыць, што беларускія ўлады свядома паварочваюцца спінай да Еўропы

Паседжанне прайшло 15 снежня ў Страсбургу. Як паведамляе БелаПАН, на ім абмяркоўвалася справаздача дакладчыка ПАСЕ па Беларусі Андрэса Херкеля і праект рэзалюцыі, якія будуць вынесены на абмеркаванне студзеньскай сесіі асамблеі.

Камітэт выказаў глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека, грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў Беларусі.

На думку камітэта, санкцыі Еўрасаюза супраць афіцыйнага Мінску павінны захоўвацца і нават узмацняцца. Спыніць іх можна, калі будуць вызваленыя палітвязні, спыніцца ціск і пераслед палітычнай апазіцыі, незалежных СМІ і праваабаронцаў. Акрамя таго, кантакты на высокім узроўні ПАСЕ з беларускімі ўладамі не павінны аднаўляцца, пакуль у нашай краіне не ўвядуць мараторый на смяротнае пакаранне.