Пастаўку малдаўскіх вінаў у Беларусь ніхто не забараняў

Сёння на пасяджэнні кабінета міністраў Малдовы прэм'ер-міністр краіны Уладзімір Філат паведаміў, што Беларусь забараніла з 4 красавіка імпарт алкагольнай прадукцыі малдаўскай вытворчасці. Філат даручыў міністрам замежных спраў і сельскай гаспадаркі Малдовы высветліць прычыну забароны.

"Адразу пасля паседжання кабінета міністраў, на якім прэм'ер-міністр даў распараджэнне разабрацца з сітуацыяй вакол забароны імпарту малдаўскіх вінаў у Беларусь, нам патэлефанавалі з амбасады Беларусі ў Малдове. Дыпламаты патлумачылі, што "адбылася нейкая недарэчнасць і што ніякіх забаронаў на пастаўкі для малдаўскіх вінаробаў афіцыйныя інстанцыі ў Беларусі не выдавалі", — паведаміла 6 красавіка РІА "Новости" супрацоўніца прэс-службы ўрада Малдовы Таццяна Казаку.

"Прадстаўнікі амбасады Беларусі ў Малдове выказалі шкадаванне ў сувязі з няёмкай сітуацыяй, якая склалася ў гэтай сувязі", — сказала яна.