Пацвярджаецца інфармацыя пра праверку вынікаў галасавання на "Еўрафэсце"
Некалькі крыніц пацвердзілі БелаПАН інфармацыю аб тым, што яна праводзіцца.
Нагадаем, 16 лютага партал TUT.BY паведаміў аб тым, што з-за неадназначнай рэакцыі грамадскасці на вынікі фіналу "Еўрафэсту" Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся разабрацца, наколькі аб'ектыўна быў вызначаны пераможца конкурсу. Для гэтага была створана спецыяльная камісія, куды нібыта ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку спецыялісты па абароне інфармацыі.
Як паведаміў БелаПАН лідар гурту Litesound Дзмітрый Каракін, паводле яго інфармацыі, камісія сапраўды працуе, але яе склад "засакрэчаны, каб пазбегнуць карупцыйных дзеянняў з боку зацікаўленых людзей".
Члены камісіі таксама гутараць з прадстаўнікамі журы конкурсу. Адзін з суддзяў, спявак Аляксей Хлястоў, расказаў, што падчас такой размовы ў яго, напрыклад, пацікавіліся меркаваннем аб усіх фіналістах і спыталі, якія ацэнкі ён паставіў кожнаму канкурсанту.
Між тым у самой Белтэлерадыёкампаніі працягваюць настойваць на тым, што не ведаюць аб існаванні якой-небудзь камісіі.
Нагадаем, па выніках фіналу "Еўрафэсту", які адбыўся 14 лютага, было аб'яўлена, што Беларусь на "Еўрабачанні-2012" у Баку будзе прадстаўляць спявачка Алена Ланская.