Пажар у Каменнай горцы: маці ўратавала траіх дзяцей, а сама пацярпела
Загарэлася кватэра ў дзевяціпавярховіку. Ахвяраў у выніку здарэння не было, 25 чалавек з суседніх кватэр эвакуяваныя.
Пажар палыхнуў у суботу раніцай у доме № 82 па вуліцы Каменагорскай у Мінску, паведамляе БелаПАН са спасылкай на МНС. А 10.07 ад жыхароў дзевяціпавярховіка пачалі паступаць паведамленні пра дым з акна адной з кватэр. Пажарныя прыбылі на месца здарэння праз 8 хвілінаў і а 10.30 патушылі агонь.
Усталявана, што ўзгаранне адбылося ў жылым пакоі трохпакаёвай кватэры, у якой жыве сям’я з трыма дзецьмі. Калі пачаўся пажар, маці вывела дзяцей з кватэры і пачала тушыць агонь. Жанчына атрымала моцныя апёкі 50% цела і цяпер знаходзіцца ў лякарні. Пацярпеў і яе старэйшы сын, вучань 5-га класа, які атрымаў тэрмаінгаляцыйную траўму.