Пінскія чыноўнікі спрачаюцца з-за гарадскога асвятлення

Старшыня Пінскага гарвыканкама Аляксандар Гордзіч запатрабаваў, каб у тых месцах, дзе ёсць вулічныя ліхтары, абавязкова было святло. Галоўны вертыкальшчык звярнуў увагу на тое, што цёмныя вуліцы і двары небяспечныя для мінакоў і прыцягваюць зламыснікаў, піша газета “Пінскі веснік”.

Адначасова выданне размесціла і адказ дырэктара Пінскай ЖКГ Аляксея Юша на скаргу пінчука пра цемру на вуліцах. Як высветлілася, на другасных вуліцах асвятленне працуе ў так званым рэжыме “ноч”. Пры гэтым свеціць 50% ліхтароў, якія выключаюцца а 1-й гадзіне ночы. Потым, а 5-й ранку, яны ізноў уключаюцца і працуць згодна з графікам, які зацвердзіў Пінскі гарвыканкам.