Польскі алімпіец распавёў пра допінг у беларускіх лёгкаатлетаў

На яго думку, беларускія спартоўцы заслужана пазбаўленыя алімпійскіх медалёў за выкарыстанне допінгу, перадае Польскае Радыё. Нагадаем, у сераду Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў чатырох лёгкаатлетаў медалёў алімпіяды ў Афінах, што прайшла ў 2004 годзе. Сярод пакараных — беларусы Іван Ціхан і Ірына Ятчанка.

Па словах Зюлкоўскага, пасля таго, як у 2004 годзе беларус Пётр Зайцаў стаў трэнерам польскай каманды ў кіданні молату, палякі часта ездзілі ў Беларусь на трэніроўкі. Дасягненні беларусаў настолькі здзівілі польскіх  спартоўцаў, што тыя западозрылі ўжыванне допінгу.

Таксама польскі спартовец кажа, што беларускія лёгкаатлеты давалі хабар, каб іх не правяралі на ўжыванне допінгу. Ён згадвае, як Вадзім Дзевятоўскі ў 2004 годзе нечакана знік на суткі перад прыездам антыдопінгавай камісіі. Вярнуўшыся, ён заявіў, што ездзіў цягніком у Маскву, але не змог сказаць, колькі каштуе квіток.

Зюлкоўскі заяўляе, што бачыў сляды ўколу ў Івана Ціхана. Той паведаміў, што гэта сляды ад спражкі на пасе.

Фота — worldvelosport.com