Польскія СМІ: Бяляцкі прасіў не выдаваць яго рахункі афіцыйнаму Мінску
Газета Rzeczpospolita піша пра тое, што польская дыпламатыя ведала пра крымінальны пераслед, які пагражаў беларускаму праваабаронцу.
Паводле інфармацыі выдання, кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” у чэрвені 2011 года наведаў амбасаду Польшчы. Ён прасіў у аднаго з дыпламатаў, каб польскі бок не перадаваў беларускім уладам інфармацыю пра яго замежныя рахункі, на якія прыходзілі грошы на праваабарончую дзейнасць.
“Бяляцкі паведаміў, што ягоны адвакат бачыў у матэрыялах справы копію звароту аб юрыдычнай дапамозе, накіраванага ў Польшчу. Бяляцкага запэўнілі што аб гэтым будзе пільна паінфармаваны міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі”, — піша газета.
Польскі МЗС, аднак, тлумачыць, што спадар Сікорскі ніколі не атрымліваў такой інфармацыі.
“Міністр Радаслаў Сікорскі не атрымаў якой-кольвечы, тайнай ці яўнай, са зместам, пра які вы гаворыце”, — заявіў Rzeczpospolita прэсавы прадстаўнік МЗС Марцін Басацкі.
Газета адзначае, што пры гэтым спадар Басацкі адмовіўся пацвердзіць, ці Бяляцкі размаўляў з польскімі дыпламатамі ў Мінску у гэтай справе.
Між тым факт, што Алесь Бяляцкі ў чэрвені 2011 году асабіста наведаў амбасаду Польшчы і прасіў не перадаваць інфармацыю пра рахункі беларускаму боку, пацвердзіў для газеты Rzeczpospolita ягоны калега Валянцін Стэфановіч, а таксама жонка — Наталля Пінчук.
Паводле спадара Стэфановіча, польскі дыпламат запэўніў, што такая перадача дадзеных у прынцыпе немагчымая.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць.
Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Мінску Літва і Польшча.