Прадаўцы мяса зачыняюць “кропкі”, а пастаўшчыкі чакаюць падаражання

У Віцебску самы вялікі выбар мяса розных гатункаў заўжды быў на Смаленскім калгасным рынку. Шэрагі прадаўцоў за апошні час тут заўважна парадзелі.

“З сённяшняга дня мяса на базары яшчэ не падаражала. Я баюся пра гэта нават думаць. І так слаба яго бяруць, – непакоіцца прадаўшчыца. – На Эвікоме наогул мяса няма. Яны зачынілі крамкі. У нас ёсць, бо мы працуем з прыватнікамі. Але і тыя ўжо не хочуць даваць тавар. Я не ведаю, як яны яго рэалізуюць, але нам прадаваць не хочуць. Ім, напэўна, выгадней чакаць падаражання”.

 

Кошты на мяса не малыя: свіная выразка ад 45 да 55 тысяч рублёў, бараніна – 45-50 тысяч, ялавічыну можна набыць па цане ад 40 тысяч. Але той, хто непасрэдна займаецца гадоўляй жывёлы на мяса, разумее, што такія кошты усё яшчэ далёкія ад рэальнасці.

“Усё залежыць не ад нас, а ад дзяржавы. На тыдзень кошты зараз могуць і тры разы падняцца, – сваімі праблемамі дзеліцца прадпрымальніца, якая пастаўляе мяса на рынак. – Нашы кошты залежаць ад магазінных. А яшчэ камбікорм даражэе, корм таксама, вось мы цэны і падымаем. Пакупнікоў не шмат. Калі зарплаты ідуць, людзі прыходзяць і купляюць, а калі грошай няма, дык дзе ж іх узяць?”

 

Пакупнікоў на рынку няшмат. Найлепей ідзе гандаль у выхадныя дні, калі прыязджаюць госці з суседняй Расіі:

“Шчыра кажучы, нашы бяруць мала. Расіяне добра купляюць. Яны бяруць мяса для сябе. Не на перакуп. 2-3 кілаграмы таго, 2-3 таго, кілаграм рабрынак, адно сэрца”, – кажа прадаўшчыца.

“Я сама з Віцебска і 60 гадоў з нечым тут пражыла. Расіяне бяруць па 5 хлеба, па 50 пакетаў малака, малака тлустага і кефіру не заўсёды купіш. Таму што яны бяруць адразу па 50 пакетаў. Я ж ведаю, я бачыла”, – далучаецца да размовы пенсіянерка і з сумам адзначае, што мясцовыя жыхары столькі сабе дазволіць не могуць:

“Я калі і бяру, то зусім няшмат варанай каўбаскі. А так практычна не купляю. Я ўжо і адвыкла. Раней мне хацелася мяса, я хадзіла і аблізвалася. А зараз зусім не хочацца. Месяц таму я купляла сала, мяне папрасілі. Яно было па 17 тысяч на Полацкім рынку. Я падумала, колькі ж яно зараз каштуе? Кошт здзівіў. 37 тысяч. Ва ўсіх аднолькава. Я магу дазволіць сабе набыць вось гэты супавы набор за 5 тысяч. Але якая з яго карысць?”

А тым часам у суседняй з рынкам краме людзі займаюць чаргу па мяса з 9 гадзін раніцы. У 12 гадзін прылаўкі пустыя, але віцябляне не губляюць надзеі. У вялізнай чарзе нам па сакрэце паведамляюць: “Чакайце, кажуць машына з мясам ужо выехала…”