Падаткаў з іпэшнікаў збіраюць утрая больш, чым са стала ў казіно

У 2012 годзе ў бюджэт Мінска з іпэшнікаў плануюць сабраць на 32 мільярды больш, чым з рулеткі.

1 мільён трыста тысяч рублёў – такі падатак штомесяц плаціць прадпрымальніца, якая прадае абутак на Ждановічах. Еўрарадыё здзівіла, што столькі ж падатку плаціць казіно за адзін гульнявы аўтамат.


А яшчэ нядаўна ў беларускіх прадпрымальнікаў быў імідж людзей, якія не хочуць працаваць, але хочуць мець вялікія грошы. Аказваецца ж, што ад іх грошай у бюджэт ідзе нават больш, чым ад казіно!


“Адны Ждановічы пераплюнуць увесь гульнявы бізнес”, – тлумачыць сітуацыю член савета прадпрымальнікаў “Перспектыва” Жана Болсун. Яна прадае абутак на Ждановічах.


У Мінску – 55 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, і 30 казіно. Сёлета плануюць сабраць 82 мільярды падатку са сталічнага гульнявога бізнэсу. І ажно 114 мільярдаў – з індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта пры тым, што падаткі на гульнявы бізнес сёлета павялічылі.


“У любым казіно фіксаваны падатак. Ёсць фіксаваны падатак на гульнявы стол. За месяц – гэта 36 мільёнаў. У нас 4 гульнявыя сталы. Памнажаем і атрымаем 144 мільёны 380 тысяч будзем плаціць за месяц толькі за сталы”, - распавядаюць у адным з казіно. Як даведалася Еўрарадыё, адзін гульнявы аўтамат плаціць падатак у мільён трыста тысяч за месяц.


Жана Болсун працуе на Ждановічах ужо шэсць год. Прадпрымальніца прадае абутак. У казіно ні разу не была.


Жана: “Мне падаецца, у нас у казіно ходзяць людзі з больш “лёгкім” прыбыткам. Лёгка зарабіў, лёгка згубіў… А прадпрымальнікам грошы дастаюцца не так лёгка”.


Пачынала Жана ўсяго з некалькіх параў абутку: “Ездзілі ў Маскву, куплялі 10 параў абутку… І вось гэтыя 10 параў прадавалі на Ждановічах. Пакуль не прадасі, ехаць няма за чым. Хаця б 9... Тады едзеш і купляеш ужо 13… і так далей”.


Цяпер штомесяц прадпрымальніца плаціць 1 мільён 300-400 тысяч падатку. Гэта ўтрая менш за стол казіно, і столькі ж, як гульнявы аўтамат.


Па словах прадпрымальніцы Жаны, цяпер гэта не вельмі вялікая сума, але хутка яна павялічыцца.


Жана: “З красавіка падаткі, хутчэй за ўсё, вырастуць у сувязі з падняццем мінімалкі. Да мая, пакуль долар не вырас, гэта была даволі вялікая сума. А калі курс стаў 8, то падатак стаў не такім вялікім…”.


Еўрарадыё наведала адзін са сталічных гульнявых клубаў, што месціцца ля вакзалу. Але яго супрацоўнікі аказаліся зусім негаваркімі.


“Грошы любяць цішыню”, - такі адказ пачула я ледзьве не на ўсе пытанні. Але ўсё ж сказалі, што людзей сюды прыходзіць шмат. І нават пенсіянеры!


Казіно: “Прыходзяць усякага ўзросту. Пачынаючы ад 18 год, і нават пенсіянеры. Круглыя суткі гуляюць.У асноўным, усе беларусы… Вось толькі калі былі ў Расіі навагоднія святы, тады ў нас стала шмат наведвальнікаў расіянаў. А так – гэта рэдкія выпадкі. Так, каб хтосьці спецыяльна ездзіў гуляць – не. У асноўным, усе свае”.


Пра прыбыткі прадпрымальніца Жана казаць не хоча, бо ў мінулым годзе іх “амаль не было”.


Жана: “Я б сказала, што канцы з канцамі зводзілі. Былі прыбыткі на аплату падаткаў, арэнду і трошку на пражыванне. Гэты год быў няўдалы”.