Прафесара Івана Кулікова будуць судзіць 11 траўня

Суд над былым прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта прафесарам Іванам Куліковым пачнецца 11 траўня. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў яго сын Уладзімір.


Нагадаем, што Іван Кулікоў балатаваўся ў прэзідэнты на мінулых выбарах, але зняў сваю кандыдатуру на этапе збору подпісаў. Праз месяц пасля выбараў навукоўцу выставілі абвінавачванне ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненага ў буйным памеры.


У сакавіку стала вядома, што Кулікову перакваліфікавалі абвінавачванне на "нанясенне шкоды ў значным памеры шляхам атрымання выгады ў выніку падману, злоўжывання даверам або шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі пры адсутнасці прыкметаў крадзяжу". Згодна з новымі звесткамі следства, навукоўца цягам 8 гадоў налічваў заробак "мёртвым душам", але гаворка ўжо ідзе не пра 22, а пра 8,6 млн рублёў. І цяпер следства не думае, што ў мінулым патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта іх выкраў.