Пракуратура папярэдзіла журналіста Генадзя Барбарыча
Мінская гарадская пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне журналісту за супрацоўніцтва з "Радыё Рацыя".
Па словах журналіста, афіцыйна яго папярэдзілі за працу на замежнае СМІ ў Беларусі без акрэдытацыі. Сам Барбарыч кажа, што працуе як незалежны журналіст і фармальна з "Радыё Рацыя" не звязаны, перадае БелаПАН.
Журналіст мяркуе падаць заяўку на акрэдытацыю, хаця і не лічыць, што гэта спроба будзе паспяховай. Таксама ён не бачыць вялікага сэнсу ў тым, каб абскарджваць папярэджанне. Па словах Барбарыча, ён не хоча губляць час і грошы на суды, якія, хутчэй за ўсё, не дадуць выніку.
Нагадаем, што журналісты Радыё "Рацыя", якое вяшчае з Польшчы, неаднаразова спрабавалі атрымаць акрэдытацыю, але беспаспяхова.
Фота — igarolin.livejournal.com