Праляскоўскаму даслалі 200 подпісаў у падтрымку незалежных газет

Збор подпісаў ў падтрымку недзяржаўных газет “Наша ніва” і "Народная воля", якім пагражае закрыццё, пачалі бабруйскія дэмакраты. Людзі патрабуюць спыніць пераслед незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Ужо сабрана каля 200 подпісаў, якія заказным лістом высланыя міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму.

Як паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё кіраўнік Бабруйскай арганізацыі АГП Віктар Бузінаеў, людзі падпісваюцца ахвотна. Сярод падпісантаў шмат пенсіянераў, якія адзначаюць, што апошнім часам існуе праблема з набыццём гэтых газет у шапіках “Белсаюздруку”.

Бузінаеў: “На адным з паседжанняў, літаральна тыдзень таму, праявілі жаданне рада дэмакратычных сілаў, не толькі АГП, але ўсе рухі і партыі, сабраць подпісы. І прызначылі збор подпісаў на наступны дзень, каб тыя, хто жадае, падпісаліся. І столькі прыйшло людзей, што нам прыйшлося на наступны дзень іх пераарыентаваць”.

Віктар Бузінаеў гаворыць, што збор подпісаў будзе працягвацца і надалей, бо пасля таго як іх ініцыятыва па збору подпісаў была агучана ў СМІ, колькасць ахвотных падпісацца ў падтрымку незалежных газет істотна павялічылася.