Праваабаронцу Насту Лойку абшукалі на мяжы
Яна вярталася з Вільні ў Мінск на рэйсавым аўтобусе.
Лойку затрымалі на памежным пераходзе “Каменны Лог” 6 кастрычніка, знялі з аўтобуса і правялі дагляд яе рэчаў, а потым і асабісты дагляд. Нічога забароненага ў праваабаронцы не знайшлі, пра што і склалі адпаведны акт. Яна вярнулася ў Мінск толькі ўначы 7 кастрычніка.
У інтэрв’ю БелаПАН Наста Лойка адзначыла, што такія дзеянні памежнікаў і мытнікаў у дачыненні да праваабаронцаў набываюць сістэмны характар. Яна згадала, як 30 верасня на беларуска-украінскай мяжы абшукалі аўтамабіль сям’і грамадскіх актывістаў Сержука Семенюка і Ірыны Смяян-Семянюк. Сям’я вярталася з Украіны, дзе на выходных наведвала сваякоў. Мытнікі і ў гэтым выпадку не знайшлі нічога недазволенага.
Апроч таго, 1 кастрычніка на польска-беларускай мяжы болей за 5 гадзінаў правяралі праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва. Ягоны аўтамабіль загналі ў бокс і разгледзелі ўсе аддзелы, нават дно. У самім аўтамабілі знайшлі плакат з выявай Алеся Бяляцкага, мультымедыя-дыскі на тэму смяротнай кары і дапаможнік для назіральнікаў за выбарамі. Акт дагляду не складалі, прычыны такога працяглага затрымання не тлумачылі.