Праваабаронцы заклікаюць не забіваць Кавалёва і Канавалава

Як перадае interfax.by, праваабаронцы асудзілі патрабаванне дзяржаўнага абвінаваўцы пра ўжыванне смяротнага пакарання для Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Нагадаем, што іх вінавацяць у тэракце ў Мінску 11 красавіка 2011 года.

Праваабаронцы адзначаюць, што смяротнае пакаранне — гэта рудымент сярэднявечнай жорсткасці. Яно непрымальнае з маральнага пункта гледжання нават тады, калі ўжываецца супраць людзей, чыя віна ў асабліва цяжкіх злачынствах цалкам даказаная і не выклікае абгрунтаваных сумневаў. Разам з тым, гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, расследаванне справы пра тэракт у мінскім метро і ўвесь судовы працэс над Канавалавым і Кавалёвым не быў ясным і пераканаўчым. Яны нагадалі, што дзясяткі тысяч грамадзян краіны падпісалі петыцыю пра неўжыванне смяротнай кары ў гэтай справе.

Яна заклікаюць захаваць жыццё Канавалаву і Кавалёву, бо ў будучыні не выключана магчымасць з'яўлення новых звестак пра тэракт у мінскім метро.