Прыбраць сталічны раён каштуе болей за 100 тысяч долараў у месяц

У Кастрычніцкім раёне Мінска працуе 445 дворнікаў. А патрэбна на 94 дворнікі больш!

Паводле слоў супрацоўніцы аддзела добраўпарадкавання ЖРЭА Кастрычніцкага раёна, жадаючых няшмат.

“Раней маглі прыцягваць людзей — яны ішлі працаваць і ведалі, што могуць атрымаць службовае жыллё. Зараз такога няма. Ёсць такая катэгорыя, як абавязаныя асобы — дзеці якіх знаходзяцца ў дзіцячых дамах. Зразумела, яны не выконваюць функцыі, ускладзеныя на іх. У асноўным такія людзі не працуюць, а мы абавязаныя пералічваць за іх грошы”.


У 120-м ЖЭСе такіх прыводзілі на працу прымусова з дапамогай міліцыянтаў.

“У ЖЭСе 4 чалавекі, якія пазбаўленыя бацькоўскіх правоў і вымушаныя працаваць у нас. Некалькі чалавек нават прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. Адна супрацоўніца адсядзела год у турме, вярнулася і зараз працуе. Гэта станоўчая выхаваўчая практыка.”


Супрацоўнік ЖЭСа кажа, што сярэдні ўзрост дворнікаў 45-50 год — пенсіянераў амаль няма. Вакансій багата: у штаце павінна працаваць 45-47 дворнікаў, а працуе толькі 29-30.

У ЖРЭА Кастрычніцкага раёна кажуць, што за травень было вывезена 1055 кубаметраў буйнагабарытнага смецця. Гэта непатрэбныя рэчы, якія жыхары выкідваюць побач з кантэйнерамі ці пад’ездамі. Выдаткі — амаль 48 мільёнаў рублёў.

Тое, што вывозяць з кантэйнераў, вылічваецца асобна: 136 мільёнаў. За травень было вывезена 16640 кубічных метраў смецця.

У суме вываз і утылізацыя смецця з Кастрычніцкага раёна абыходзіцца ў 183,9 мільёны рублёў.

Яшчэ дадаць аплату працы дворнікаў. Дворнік, якога Еўрарадыё сустрэла на плошчы Незалежнасці, паскардзіўся на невысокі заробак.

“Плацяць мала — у сярэднім 800 тысяч рублёў.”


Пры такім разліку 445 дворнікам трэба заплаціць 356 мільёнаў рублёў, а ўборка аднаму ЖРЭА абыходзіцца ў 539 мільёнаў ці 3300 рублёў з кожнага жыхара раёна.